Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Вывучаем родную мову ў дзіцячым садзе

Родная мова

У марах, у песнях, у снах.

Мае ў ёй кожнае слова

Свой колер, і смак, і пах.

А. Грачанікаў

 

Каб гучала родная мова ў дзіцячым садзе, на ёй павінны размаўляць і дарослыя, і выхаванцы. У гэтым зацікаўлены ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу.Важнай часткай работы па развіцці беларускага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту з′яўляецца ўзаемадзеянне з законнымі прадсаўнікамі выхаванцаў, бо менавіта з адносін таты і мамы да роднай мовы ў дзіцяці фарміруюцца першыя ўражанні і першая любоў да яе, да таго месца, дзе ён нарадзіўся. Вывучэнне мовы, якую не ведаеш, — з’ява не простая. Калі ж бацькі разам з дзецьмі вывучаюць родную мову, поспех абавязкова прыйдзе.

Актывізацыі культурнай і маральнай свядомасці бацькоў і дзяцей, развіццю беларускага маўлення, пашырэнню кругагляду чытача, знаёмству з беларускай літаратурнай спадчынай садзейнічае правядзенне літаратурнай гасцёўні “Мы чытаем разам з мамай”, у ходзе якой бацькі разам з дзецьмі становяцца ўдзельнікамі тэатральнай пастаноўкі беларускіх народных казак, гульняў-забаў, конкурсаў на лепшага чытача вершаў беларускіх паэтаў (Н. Гілевіча, М. Танка, Я. Коласа, Я Купалы, Д. Бічэль-Загнетавай, Э. Агняцвет, П. Броўкі і інш.); дзякуючы віртуальным экскурсіям маюць магчымасць “пабываць” на Радзіме беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

Хто не ведае прыгожую легенду пра папараць-кветку, якая расцвітае ў ноч на Івана Купалу? Хто не фарбуе яйкі і не пячэ кулічы, рыхтуючыся да аднаго з галоўных рэлігійных свят Вялікдзень? Хто не сустракае калядоўшчыкаў багатым пачастункам? Але, напэўна, мала хто ведае велікодныя, масленічныя і калядныя песні на беларускай мове. Ліквідаваць існуючы прабел дапамагаюць народныя святы, якія штогод праводзяцца ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з народным календаром і дазваляюць з’яднаць нацыянальныя інтарэсы бацькоў і дзяцей (“Восеньскі кірмаш”, “Каляды”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Вялікдзень”, “Купалле” і інш.) Правяденню кожнага свята папярэднічае працяглы падрыхтоўчы этап, які ўключае гутаркі аб народных бытавых прыкметах і павер’ях, распрацоўку прэзентацый, выраб атрыбутаў і касцюмаў, падбор рэцэптаў святочных страў.

З мэтай стварэння спрыяльных умоў для развіцця маўленчых навыкаў, далучэння выхаванцаў і іх бацькоў да беларускай нацыянальнай культуры, побыту і звычаяў беларускага народа садзейнічае правядзенне вечару адпачынку “Люблю мой край, старонку гэту…”, падчас якога ствараецца камунікатыўнае асяроддзе для зносін на беларускай мове. Вечар пачынаецца з прэзентацыі сямей, што садзейнічае фарміраваню цікавасці дзяцей і дарослых, да сваіх каранёў, паходжання і гісторыі свайго радаводу. Загадзя бацькам прапаноўваецца дамашняе заданне: падрыхтаваць міні-прэзентацыю “Адкуль мой род”.

Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пазнае літаратурную спадчыну, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове.

 

Раздзелы сайта