Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

28.10.2021

За межамі зоны камфорту

Сёлета ганаровае званне “Лідар сталічнай адукацыі” сярод устаноў сярэдняй адукацыі Мінска было прысуджана сярэдняй школе № 191. Яе дырэктар Юлія Ільінічна Пінчук вядзе калектыў да новых вышынь, натхняючы педагогаў ісці ў нагу з часам, пастаянна спрабаваць новае і ўдзельнічаць у разнастайных конкурсах. Такі падыход адпавядае дэвізу кіраўніка школы ў жыцці і працы: не баяцца цяжкасцей і пастаянна выходзіць за межы зоны камфорту. 

Пра спакой і адсутнасць цяжкасцей Юлія Ільінічна не марыць. Яна пераканана: толькі пераадольваючы складанасці, выходзячы за межы зоны камфорту, чалавек робіць важныя крокі ў сваім развіцці, таму імкнецца быць кіраўніком, з якога падначаленым захочацца браць прыклад. Для гэтага трэба не проста ставіць перад калектывам новыя задачы, а быць гатовым і здольным накіраваць, штосьці растлумачыць, арганізаваць падтрымку. У мінулым годзе дырэктар прапанавала ўпершыню прыняць удзел у гарадскім конкурсе “Лідар сталічнай адукацыі”. Для калектыву гэта стала новай цікавай задачай, якая яшчэ больш аб’яднала ўсіх, дапамагла зрабіць смелы крок наперад. 

— Пераканана, што 1-е месца ўдалося заняць дзякуючы агульным намаганням, адданасці справе і крэатыўнасці нашага калектыву высокаматываваных аднадумцаў, гатовых да ўкаранення інавацый, — адзначае Юлія Ільінічна. — Пры падрыхтоўцы праекта адбыўся сапраўдны сумесны мазгавы штурм. Мы імкнуліся сістэматызаваць і ўвасобіць у жыццё ўсе нашы набыткі і напрацоўкі. Праект, прадстаўлены на конкурс, мае назву “Культурна-адукацыйнае асяроддзе як аснова інавацыйнай дзейнасці”. 

Юлія Ільінічна з самага пачатку сваёй работы на пасадзе кіраўніка ўстановы рабіла стаўку не толькі на асобныя актуальныя новаўвядзенні, але і на іх гарманічнае спалучэнне ў адзінае цэлае. Галоўны вынік усіх намаганняў бачыўся менавіта ў стварэнні ў школе асаблівага культурна-адукацыйнага асяроддзя, якое спрыяе паспяховай вучобе і добраму выхаванню, усебаковаму развіццю, актыўнай даследчай дзейнасці вучняў. Паступова робіцца крок за крокам, каб дасягнуць пастаўленай мэты. 

У ліку прыярытэтных кірункаў работы ўстановы адукацыі — дыферэнцыраванае навучанне праз сістэму профільнай, дапрофільнай адукацыі і факультатыўных заняткаў з мэтай павышэння якасці адукацыі; задавальненне адукацыйных запытаў праз развіццё сістэмы дадатковай адукацыі і наладжванне цеснага супрацоўніцтва з сям’ёй. Сістэма работы накіравана на выяўленне і падтрымку адораных навучэнцаў, якія штогод радуюць сваімі дасягненнямі. За 5 мінулых гадоў падрыхтавана 111 пераможцаў розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. 

Рэсурсны цэнтр па сямейным і гендарным выхаванні стаў пляцоўкай эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу — педагогаў, вучняў, бацькоў.

На базе школы Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі сумесна з Інстытутам інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі з 2017 года арганізаваны гарадскі летнік па інфарматыцы для вучняў 7—10 класаў. Адметна, што ў ім працуе не толькі настаўніца інфарматыкі Алена Арнольдаўна
Лябецкая, але і задзейнічаны яе былыя вучні. Выпускнікі школы, якія звязалі лёс з інфарматыкай, штогод расказваюць пра свой вопыт удзелу ў алімпіядах, разнастайных конкурсах і дзеляцца набытымі ведамі па кірунках, якія выклікаюць найбольшую цікавасць школьнікаў. 

З 2016 па 2019 год у школе рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўна-маральнай і культурнай спадчыны”. Лагічным працягам стала стварэнне рэсурснага цэнтра па сямейным і гендарным выхаванні. Яго дзейнасць асвятлялася на VI Міжнародным форуме “Святасць мацярынства”. На базе рэсурснага цэнтра штогод праводзіцца Міжнародны фестываль сям’і. Да гэтага яркага, добрага пачынання далучыліся каля ста сем’яў не толькі з Мінска, але і з Расіі, Кыргызстана, Туркменістана, Узбекістана, КНР, Конга і Туніса. 

Дробязей у важнай справе стварэння культурна-адукацыйнага асяроддзя не існуе. Кіраўнік і калектыў стараюцца, каб кожны куток у школе быў прыгожым, каб былі максімальныя магчымасці для эфектыўнай, творчай, натхнёнай работы і вучобы. Безумоўна, вялікае значэнне мае матэрыяльна-тэхнічная база. У школе ёсць лінгафонны кабінет, 2 інтэрактыўныя дошкі, 5 мультыбордаў, 5 праектараў, 40 Smart TV з убудаваным доступам у інтэрнэт. Штогод вучэбныя кабінеты набываюць больш цікавы і адметны выгляд. Не пакідаецца без увагі і хол. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца спецыяльнае месца для кросбукінгу, дзе школьнікі абменьваюцца кнігамі. Яшчэ адзін адметны і прывабны куточак стылізаваны пад алеі парку Чалюскінцаў і батанічнага саду.

— Радасна бачыць, як з года ў год школа мяняецца, становіцца больш сучаснай, прыгожай і ўтульнай, — адзначае Юлія Ільінічна Пінчук. — Аднак, безумоўна, наша галоўнае багацце — людзі, педагогі, якія вядуць за сабой дзяцей і моладзь; вучні, якіх мы вучым і выхоўваем. 

Толькі за два мінулыя гады 8 настаўнікаў школы абагульнілі свой вопыт і атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Дарэчы, на гэтым шляху яны заўсёды могуць атрымаць канкрэтныя парады і неабходную дапамогу непасрэдна ад дырэктара і яе намесніка па вучэбнай рабоце Юліі Аляксандраўны Самахвалавай, якія маюць вышэйшыя кваліфікацыйныя катэгорыі. За мінулы год скарбонка дасягненняў сярэдняй школы № 191 папоўнілася дыпломам ІІІ ступені XIV Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”; перамогай на гарадскім этапе агляду-конкурсу “Метадычны вернісаж “Магу навучыць …”; дыпломамі I і II ступені на гарадскім этапе і дыпломам удзельніка на заключным этапе ў намінацыі “Настаўнік” конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Калектыў і дырэктар нацэлены і надалей не здаваць сваіх пазіцый!

Таццяна ШЫМКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Разделы сайта